15/10/2015

Археалогія Гарадной. Абломкі суднаў і руны на Княжым камені

Вікінгі валочаць ладдзю
Валер Кісель

Гарадная, назва колішняга мястэчка, нібы падказвае нам, што некалі тут было ўмацаванае гарадзішча. Напраўду, апісанне заснавання мястэчка ў 1592 годзе беспасярэдне паказвае на месца заснавання: остров ГороднЫй, урочышчэ Городышчэ.[1] Першапачаткова мястэчка называлася Воля Гарадная [2], потым першае слова адпала, а прыметнікавая назва «Гарадная» ў жаночым родзе паспяхова перажыла спробы расійскіх чыноўнікаў 19 ст. і польскіх улад 20 ст. перайначыць назву на сярэдні род: «Городно», «Городное».
Хутчэй за ўсё, пасля знішчэння татарамі ў 1653 Гарадная была перанесеная на 2 км на паўднёвы захад ад гарадзішча да возера Татарскага стойла. Існуе паданне, што тыя ж крымчакі перад нападам там разбівалі свой лагер. Але памяць пра старое месца засталася: урочышча Гарадышча называецца цяпер Замкавішча, а поле за 900 м на ўсход ад Замкавішча, дзе да 1653 стаялі мяшчанскія хаты, носіць назву поля Гараднога. Старыя гарадэнцы сцвярджаюць, што менавіта тут была «першая Гарадная».
Такім чынам, паводле археалагічных даведнікаў і энцыклапедый, ва ўрочышчы Замкавішчы знаходзяцца два значныя помнікі археалогіі: гарадзішча (датаванне рознае ў розных аўтараў) і селішча бронзавага веку тшцінецкае культуры (15-11 ст. да н.э.). Паводле вусных паведамленняў на полі Гарадным за 900 м на ўсход ад Замкавішча меркавана размешчаны яшчэ адзін абсалютна недаследаваны археалагічны помнік: Гарадная канца 16–першай паловы 17  ст. Каля таго поля знаходзіцца вялікі валун. Называецца ён Святы або Княжы камень. Некалі на тым камені быў выбіты надпіс, які каля 1930 быў пашкоджаны мясцовым жыхаром.
Можна сказаць, што народная «археалогія» ў Гарадной была спрадвеку. Валодаючы стагоддзямі землямі, дзе былі археалагічныя помнікі, гарадэнцы самі выкопвалі і збіралі розныя каштоўныя і не вельмі каштоўныя знаходкі. Можа, таму савецкая археалагічная экспедыцыя на чале з Кухарэнкам у 1955 тут нічога не знайшла? Так і напісана ў справаздачы: «культурны слой не прасочаны».[3] Але ў літаратуры і ў вусных успамінах захавалася досыць шмат паведамленняў пра надзвычай цікавыя знаходкі, якія трапляліся яшчэ ў 19 ст. і ў міжваенным перыядзе 20 ст.

Абломкі суднаў у паведамленнях 19 ст.

Паведамленне Русецкага
Паведамленне, хутчэй за ўсё гарадэнскага святара Аляксандра Русецкага, было апублікаванае ў 1879. У ім адзначаецца, што каля мястэчка існуюць «старажытныя акопы» пад назваю «Замкавішча». На захад ад акопаў месцілася балота, парослае лесам. Сярод гэтага балота працякаў невялікі ручай, у якім, паводле старажылаў, знаходзілі «абломкі вялікіх суднаў».[4]
Паведамленне Карскага
У 1893 Яўхім Карскі на 9-м археалагічным з’ездзе ў Вільні засведчыў прыблізна тое самае: «…мне указали одну местность, говоря, что тут было княжество – Замковище. Здесь были постройки княжеские, а поблизости протекала река, а теперь там только болото. В доказательство, что там была река, мне указали, что не особенно давно нашли здесь остатки судов, которые останавливались возле замка…». Таксама вартая ўвагі інфармацыя пра звон з возера Татарскага стойла.[5]

Знаходкі Доследнай керамічнай станцыі ў міжваенны час

У міжваенным часе славутым гарадэнскім ганчарствам апекаваліся таварыствы дапамогі народным промыслам. Пад кіраўніцтвам інжынера Доследнай станцыі для народнай керамікі П. Пянткоўскага паблізу Гарадной «у месцы, у якім ад няпамятных часоў не было ніколі ніякае вёскі, адкапана горны прымітыўнай канструкцыі, ужыванай і ў наш час, а ў горнах знойдзеныя гаршкі тых самых антычных формаў, якія робяцца і сёння. Выкапаныя таксама чарапкі гаршкоў з адбіткамі плеценкі».[6, 101]  Паводле вуснай ацэнкі інжынера-кераміста горны мелі век у 2000 гадоў.[7, 36] На жаль, падрабязныя матэрыялы даследзін Доследнай станцыі народнай керамікі пакуль што недаступныя. Маю надзею, што яны захаваліся ў адным з польскіх архіваў.
У краязнаўчай літаратуры з міжваеннага часу сустракаецца такая характарыстыка археалагічных багаццяў мястэчка Гарадной:
Замкавішча
…Гарадную можна залічыць да паселішчаў дагістарычных, пра што сведчаць шматлікія крамянёвыя стругі, якія можна адшукаць у выдмах, выдзьмутых ветрам. Адшчэпы тыя маюць маюць выгляд стрэлак, ножыкаў, іголак і іншых, значыць мусіў тут жыць чалавек з каменнага веку. 3 км на паўночны ўсход было колісь гарадзішча з абарончым замкам. Называюць яго да сённяшняга дня Замкавішча. На гэтай падставе можна зрабіць выснову, што быў тут некалі абарончы замак, з трох бакоў аточаны балотам, з чацвёртага ж боку меў роў і вал. Сляды таго вала да сёння бачныя. Месца гэтае называюць жыхары ўрочышчам «Городнэ́», праўдападобна Гарадная пачаткова ляжала ў гэтым самым месцы…[7, 36]

Географы, геолагі, этнографы…

У 19341936 мястэчка Гарадная сталася ледзь не месцам паломніцтва польскіх навукоўцоў, кінематаграфістаў, фатографаў, рэпартэраў. Тут у самым цэнтры Палесся яны шукалі сенсацыйных адкрыццяў як у галіне этнаграфіі, так і геалогіі з археалогіяй. Абавязковым пунктам некаторых экскурсій і экспедыцый было гарадзішча на Замкавішчы, вядомае яшчэ як Сэменава гара. Названа яна так у гонар майго стрыечнага прадзеда Сэмена Пешкі, які пасяліўся там у 1920-х гадах.
У  жніўні 1934 ў Варшаве адбываўся XIV Міжнародны геаграфічны кангрэс. Для ягоных удзельнікаў была арганізаваная экскурсія пад назваю «Палессе і Белавежа». 15 навукоўцаў пад кіраўніцтвам С. Паўлоўскага і С. Лянцэвіча на аўтобусе наведалі  ў тым ліку Гарадную. У справаздачы было згадана і пра наведванне 16 жніўня 1934 «перадгістарычнага гарадзішча» каля мястэчка: «…Z kolei zwrócono uwagę na błota otaczające wyspę. Już z przedhistorycznego grodziska zaobserwowano typ kontynentalnego torfiska wysokiego w bagnie, złożonem z kilku niecek…» [8, 175]
Улетку 1934 ў мястэчку Гарадной і ваколіцах таксама працавала польская геалагічная экспедыцыя пад кіраўніцтвам Юзафа Голамба.[9, 147] Абследавалі геолагі і Замкавішча. У справаздачы, апублікаванай у 1960, пра гарадзішча сказана наступнае:
Схіл Замкавішча
«Узгор’е Замкавішча мае характар озу, у выглядзе валу з раўналежным кірункам, які складзены пераважна са скосна наслоеных жвіроў і буйназярністых пяскоў.». [9, 155]
 Але найбольшае для нас значэнне мае паходжанне балота на поўнач ад Замкавішча:
«Заходняя частка Марочнага, як паказваюць профілі, мае ў сваёй паўночнай частцы выраўнаваны профіль дна, што паказвала б на рачное паходжанне.» [9, 156]
Тая самая рака пад гарадзішчам
Гэта значыць, што ў старажытнасці гарадзішча не было балотным, як сцвярджалі археолагі ад Якімовіча да Побаля і Лашанкова. Яно месцілася на беразе ракі, якая ўпадала ў Прыпяць, а значыць было ўключанае ў сыстэму гандлёвых дачыненняў, якая агульна называецца «шлях з варагаў у грэкі». Знаходкі рэштак вялікіх суднаў пераканаўча сведчаць пра гэта.
Славуты савецкі археолаг Пётр Лысенка, першаадкрывальнік старажытных Берасця, Пінска і Турава, у сваёй манаграфіі «Дреговичи» (1991) адзначае пра археалагічныя даследаванні за польскім часам:
…Памятники раннефеодального периода на территории западной Белоруссии в это время не подвергались систематическому изучению. Исключение составляют неоднократные обследования городища в д. Городное Столинского района в связи с выяснением вопроса о местонахождении Гродно летописного и проводившиеся в 1937—1939 гг. раскопки городища в Давид-Городке (Р. Якимович)… [10, 15]
Аднак у выдадзенай у 1939 кнізе “Dawidgródek”, на якую спасылаецца Лысенка, Якімовіч не прыводзіць ніякіх звестак пра абследаванне Гарадной, хоць згадвае яе ў кантэксце сваіх высноваў, што Гарадзенскае княства 12 ст.  мела цэнтрам Давыд-Гарадок, а не Гарадную:
…І паколькі летапіс, кажучы далей пра таго князя [Усеваладка – В.К.] і ягоных сыноў, тытулуе іх наступным разам князямі гарадэнскімі, адтуль выводзіцца памылковая выснова, што сталіцаю іхнага ўдзелу было Гародна (па-старому –  Гарадная), якое ляжала недалёка Давыд-Гарадка. Але палескае Гародна месціцца ўдалечыні ад  рэк і ўвогуле ўсякіх дарог, на востраве, аточаным з усіх бакоў велізарным і непраходным балотам, якое называецца Марочнае. І сёння яшчэ, нягледзячы на пракладанне дарог і насыпанне грэбляў, Гарадная ўяўляе сабою кут, нібы адцяты ад свету. Ужо гэтая акалічнасць гаворыць наўпрост супраць лакалізацыі там сталіцы ўдзельнага княства. Ніводная, нават найменшая ўдзельная сталіца не ляжала на такім бязлюддзі і бездарожжы…[11, 28]

Раскопкі ў Давыд-Гарадку і праблема Гарадзенскага княства

Раман Якімовіч
У канцы 1936 польскі друк абляцела сенсацыйная навіна. Пры закладцы падмуркаў новае праваслаўнае царквы на Замкавай гары ў Давыд-Гарадку былі адкапаныя труны 12 ст. з прахам асобаў з княскае сям’і. Дырэктар Варшаўскага археалагічнага музею Раман Якімовіч, кінуўшы ўсе справы, тэрмінова выязджае на месца. Праводзяцца раскопкі пад ягоным кіраўніцтвам. Паводле іх папярэдніх вынікаў археолаг адзін за адным публікуе даволі эмацыйныя артыкулы ў варшаўскім і віленскім друку [13] [14], а ў 1939 выдае кнігу «Dawidgródek»[11]. У іх ён цвердзіць, што Гарадзенскае княства 12 ст., якое пасля нядаўніх раскопак у Гродне пачало атрымліваць нёманскую «прапіску», было менавіта ў Давыд-Гарадку. А адкапаныя парэшткі належалі летапіснаму князю Давыду Ігаравічу. Акрамя сапраўды каштоўных знаходак на давыд-гарадоцкім замчышчы, Якімовіч прыводзіў на ягоную думку пераканаўчы довад. Нібыта ў летапісе закралася памылка пісара: «із ГородНа», а трэба «із ГородКа». Акрамя гэтага, польскі археолаг даводзіў, што прыметнік «городеНскій», які паўтараецца ў Іпацьеўскім летапісе, натуральна мог утварыцца і ад слова «ГородеЦ», то бок цалкам ідэнтычны прыметніку «городеЦкій» (княства з цэнтрам у Давыд-Гарадку напраўду называлася Гарадзецкім). На сённяшні дзень падобнае пазіцыі прытрымліваюцца хіба толькі гарадчукі-краязнаўцы, напрыклад, М. У. Шэлехаў [12, 77]. Безумоўна, што дапушчэнне магчымай замены суфікса Ц на Н не вытрымлівае ніякае крытыкі, калі мова ідзецца не пра адзінкавае, а пра паслядоўнае ўжыванне варыянтаў «Городен», «городенскій» ў Іпацьеўскім і іншых летапісах.
Публікацыя ў Kuryerze Literacko-Naukowym
Каб адхіліць прэтэнзіі мястэчка Гарадной да лаўраў цэнтру Гарадзенскага княства, якія падтрымліваліся шмат якімі сур’ёзнымі навукоўцамі ў 19-20 стст., Раман Якімовіч у трох сваіх публікацыях паўтараў прыблізна адно і тое ж, не спасылаючыся пры гэтым ні на якія ўласныя ці пабочныя абследаванні Замкавішча каля Гарадной. Ніжэй падаю пераклад найбольш разгорнутага і эмацыйнага ягонага адпрэчвання:
Мапа ў Kuryerze Literacko-Naukowym
…Па смерці Давыда, князя Пагарынскага, сустракаем у Іпацьеўскім летапісе звесткі пра яго сына Усеваладка «із Городка». Аднак далейшыя звесткі ў тым самым летапісе і пра Усеваладка, і пра ягоных сыноў заўсёды называюць іх князямі гарадзенскімі, адтуль робіцца выснова, на маю думку памылковая, што сталіцаю іх удзелу было Гародна Палескае. Цяжка аднак дапусціць, каб там магла месціцца сталіца ўдзельнага княства. Бо Гарадная ляжыць наводдаль ад усялякіх дарог і шляхоў водных і сухаземных, на востраве, аточаным з усіх бакоў вялікім і вельмі цяжкім для пераправы балотам, званым Марочнае. Гэтая назва азначае змрочнае балота, панурае і ў дадатак падманлівае [!?, па-польску zwodnicze – В.К.]. І сёння яшчэ, нягледзячы на пракладванне дарог і насыпанне грэбляў, Гарадная ўяўляе сабою кут, забіты дошкамі ад свету. Ужо гэтая акалічнасць прамаўляе супраць лакалізацыі там сталіцы ўдзельнага княства. На дадатак яшчэ мушу зазначыць, што ніводная з сталіц княстваў не ляжала на падобным бязлюддзі.
Дзе ж была сталіца Гарадзенскага княства? Адказ можа быць адзін: у Давыд-Гарадку!... [13]
Дык ці абследаваў Якімовіч Замкавішча каля Гарадной, як падае Лысенка, а за ім і 3-ці том энцыклапедыі «Археалогія Беларусі»? Магчыма польскі археолаг туды і дабраўся, але хіба зрабіў толькі візуальны агляд, бо пабачыўшы «кут, забіты дошкамі ад свету», зарокся туды вяртацца. Пагатоў, у Давыд-Гарадку і ў суседнім Хорску яго чакалі новыя адкрыцці. Аднак у тым самым артыкуле Якімовіча пададзеная мапа з той самаю ракою, якая некалі злучала «бязлюдную і змрочную» Гарадную са шляхам «з варагаў у грэкі». А Гарадная між тым страціла свой першы шанец на сур’ёзныя раскопкі гарадзішча.

Варвара Сямёнаўна Леванавец (Пешка) – захавальніца гісторыі Замкавішча.

Варвара Леванавец з мужам
Баба Вара, стрыечная сястра маёй святой памяці бабулі Ганны Вярохі (Шэлест), нарадзілася ў 1927. Да 1950-х яна жыла з бацькам Сэменам Пешкам «Бородаём» на хутары каля самога гарадзішча, фактычна на паселішчы бронзавага веку, якое месціцца за валам гарадзішча. Хата Бородая была проста ўбудаваная ў гару. Дзед Сэмен, сын старасты мяшчанскай управы мястэчка Гарадной, быў дастаткова адукаваны для свайго часу, цікавіўся гісторыяй.  Што ведаў сам, свае думкі наконт Замкавішча, паданні дзядоў пераказваў цікаўнай дачцэ. Памяць у Варвары Леанавец напраўду фенаменальная. Падчас майго візіту, напрыклад, яна распавяла на памяць два ўкраінскія вершы, якія чула на слых у 1930-х (зусім малой дзяўчынкай!) ад перасяленцаў з Галіччыны. Некаторыя паданні, пераказаныя ёй, я ўжо публікаваў тут.
У жніўні 2014 падчас пленэру ганчароў я наведаў 87-гадовую Варвару Сямёнаўну ў яе хаце ў вёсцы Дэрэўня (Дзераўная). Гэтая вёска за 4 км ад Гарадной спрадвеку належала да прыходу Гарадэнскае царквы, а баба Вара выйшла туды замуж па вайне.

На схеме добра бачныя пабудовы хутара Сэмена Пешкі
Зоркі і ключы (руны?) на Княжым камені

Пра Святы або Княжы камень я ўпершыню пачуў у 2012. Мяне адразу ж накіроўвалі да бабы Вары, якая ведала пра яго паданне. Коратка паданне такое:
…Кагда було морэ, ехала царова жонка [чуў варыянт «швэдова» замест «царова жонка»– В.К.]  з сыном, і карабэль карабля йіх побів, но ее спаслі з сыном і прывезлі другім караблём на гору – на нашу. І тут вона була з сыном – на горэ. Цар думав, шо воны потонулі, а вона жіва. І цар прыехав забраты йіх з собою. За царом прыгналіса банда і вбілі цара. І это ж похоронылі того цара…
А камень велічынёю «з грубу» (каля 2,5 м) паставілі на магіле таго цара і выбілі там трысловы.  Літары тых словаў былі ў выглядзе зорак і ключоў.
…А шо за слова там булі? – Ну ж воны булі о такее нэйкійі, о. І шэ й такее, і такее, і, тры слова – Такімі знакамі нейкімі? – Нэ знаю. Ну як зв’ёзды, ну такее, шэ й такі був ключ, і такі був ключ
Некаторыя руны нагадваюць «зоркі і ключы»
Прыблізна на сутыку 1920-30-х гадах нейкі гарадэнец знішчыў надпіс, выбіўшы на яго месцы канаўкі (чародкі, разоры). За гэта яго вельмі ганілі і Сэмен Пешка, і палякі, і геаграфы з розных краін у 1934, і немцы падчас вайны.  Нацысты казалі, што трэба таго гарадэнца расстраляць было. Апошняе асабліва  паказальна, ведаючы як нямецкія нацысты шукалі слядоў германскае цывілізацыі паўсюль, каб апраўдаць сваю «вызваленчую місію».

…То вон жэ ж був такі сыльны камень, велікі, до того каменя прыешчалі там і англійцы, і полякі, і нэмцы ходылі до ёго, дывіліса того каменя як война була. О шо батько кажэ, шо это прыстань мора, а там шо цара вбілі, там камень пам’ятнык. Да зайшлі, а вон кажэ шо був нэякі да пасёк ёго, а вон кажэ застрэліты ёго було…

Успаміны пра аўтобус з Геаграфічнага кангрэсу і бронзавую знаходку з надпісам

Варвара Леванавец ля сваёй хаты, фота 2014
Хаця я распытваў бабу Вару пра археолагаў, цяпер пасля высвятлення сітуацыі з археолагам Раманам Якімовічам, я схіляюся да таго, што яна рапавядала менавіта пра геолагаў.Калі Варварцы было каля 7 гадоў, у 1934, на Замкавішча прыехаў аўтобус з 20 навукоўцамі з розных краін (палякі, англійцы, французы, немцы і «яшчэ нейкія»). Паводле паведамлення ў друку мы ведаем, што іх было 15 і прыехалі яны аўтобусам 16 жніўня 1934 года.

Кажуть тые, шчо прыешчалі, то дывіліса, дэ чыя була прыстань, по горэ ходылі. І немцы булі, і англійцы булі, французы булі, ішчэ нэйкійі. Іх було 20 чоловек. І на горэ дывіліса, дэ чыя була прыстань. А батько покопав … гору, да воны кажуть а чого это? [Паставіў хату проста ў вале гарадзішча і за пашкоджанне помніка яго крытыкавалі географы – В.К.]

 Хутчэй за ўсё якраз там працавалі геолагі Юзафа Голамба (лета 1934), пра што сведчаць словы, што яны «росчыслялі, сколько могло буты туда до воды», «мералі воны, мералі скрозь, обмералі всю гору обходьвалі, обследьвалі». Вынікае з расповеду, што геолагі аддалі прыбылым географам відавочна сваю знаходку, якую знайшлі падчас капання шурфоў для высвятлення геалагічнае будовы гарадзішча. Гэта была дугападобная «частка з карабля» з выціснутым надпісам на «жоўтым залезе». Нехта з географаў нават заявіў, што гэта з яго краіны карабель.

…Шчо нашлі? Нашлі із царского карабля зэлезо таке жовтэе, шчо вон прыбівса, там од тэйі стороны бі од Бобов, там така бі канавка е, окопана була дэдова гора, а в этом бэрозы к горэ нашлі зелезякуЖовту? – Жовту. – То вона можэ бронзова чы яка? – Я нэ знаю, но вона такая бі дугою крохі. О така-о, таке зялезо, но букві там нэ пісаны, а віжатыйі. – І там булі буквы? – Булі букві. – І воны забралі з собою ее? – А якжэ! Воны повезлі, то ж воны … – То можэ тэпэр у Варшаве можна знайты ее? – Ой, то .. мо дэ ув Англіі дэ, чі дэ? Бо ж вон нэдэ одтуль той цар був. Іх було 20 чоловек, а скуль воны всэ – я нэ знаю, но казалі, шчо і французы, і англійцы…

Літаратура

1.       Vilniaus universiteto bibliotekos katalogas, Šifras: F5-F114-30855.
2.       Гарадзенскі гісторыка-археалагічны музей, ф. 9216, арк. 1—2. Арыгінал.
3.       Кухаренко Ю. Средневековые памятники Полесья. // Археология СССР. Свод археологических источников. Выпуск Е1-57. Москва, 1961. С. 20.
4.       Описание церквей и приходов Минской епархии: составлено по официально затребованным от причтов сведениям.  6: [Пинский уезд]. Минск: Типолитография Б. И. Соломонова, 1879. С. 43.
5.       Труды Девятого Археологического съезда в Вильне 1893 [года] : [в 2 т.] / под редакцией П. С. Уваровой и С. С. Слуцкого. Т. 2 : [сборник научных статей и протоколы], 1897. С. 62-64.
6.       Orynżyna Janina. Przemysł ludowy w Polsce. Warszawa, 1938.
7.       Klug  Jerzy. Horodno / Polesie pod znakiem nastawki i dykty. Pińsk, 1936. S. 34–40.
8.       Przegląd Geograficzny, t. XIV, z. 3-4. Warszawa, 1934-1935.
9.       Gołąb Józef. Zarys geologii okolic Horodna na międzyrzeczu Styru i Horynia. Warszawa, 1960.
10.   Лысенко Петр. Дреговичи. Минск, 1991.
11.   Jakimowicz Roman. Dawidgródek. Pińsk, 1939. S. 28.
12.   Шэлехаў Міхаіл Ул. Давыд-Гарадок. Час і людзі. Брэст, 2000.
13.   Jakimowicz Roman. Tajemnice Góry Zamkowej w Dawidgródku / Kuryer Literacko-Naukowy. 1936, nr 51 // Dodatek do 354 «Kuryeru Codziennego Ilustrowanego», 21 grudnia 1936.
14.   Jakimowicz Roman. Kto był pochowany na  Górze Zamkowej w Dawidgródku / Słowo, № 351, 22 grudnia. Wilno, 1936.

Дадатак 1. Успаміны Варвары Леванавец пра Княжы камень



…То камень у горах! 
Коло поля Городного, так? 
– Городэнського. Там-там. 
– Вон бы такі трохі в зэмле.
– Ужэ в зэ... А вон був велікі камень, як эта груба 
– А вы бачылі як роскоппалі ёго? 
– То вон жэ ёго кажэ сэклі чы шчо? 
– Там бачно бы, відно звэрху бы посечано. 
– Посэчоны. Там на ёму було тры слова. 
– Так на ёму напісано було? 
– Да! дэ гэтая такая бі як чэрэдкамі, бі така бі розора посэчона. То гэтта булі тры словы на ёму.  І от нэякі городэнэц узяв да перэсёк йіх, тыйі слова. То батько [Сэмен Пешка «Бородай»] казав, якая это страна можэ буты. Ну і шо ты! То батько і сварыв ёго, ганыв ёго. Казав «это ж пам’ятнык, это камень убітого цара». 
А шо за слова там булі? 
– Ну ж воны булі о такее нэйкійі, о. І шэ й такее, і такее, і, тры слова 
– Такімі знакамі нейкімі? 
– Нэ знаю. Ну як зв’ёзды, ну такее, шэ й такі був ключ, і такі був ключ
– Як шкода, шо збілі. Шкода-шкода! А воно было напісано бы збоку? 
– Воно, ото ж камень вон жэ ж як такая бі полоса чэрэз ёго, ты ж ее бачыв, як вон нэ перэсэчоны.
– Ну зверху посэчоны трохі.
– А вон жэ ж такі шырокі, круглій такі, велікій.
– Вон жэ ж там крохі бачны зверху а там мохом заросло і .. 

Камень амаль што зарос мохам. Фота 2014
– Нэ! то ужэ вон, воны ёго посэклі, ужэ ёго нэма. Ужэ там жэ ж яма була 
– Яма там е, яма! І в яме бы гэты камень.
Яма, у якой «патануў» вялізны камень
– То это вжэ оно каплі осталіс. То вон жэ ж був такі сыльны камень, велікі, до того каменя прыешчалі там і англійцы, і полякі, і нэмцы ходылі до ёго, дывіліса того каменя як война була. О шо батько кажэ , шо это прыстань мора, а там шо цара вбілі, там камень пам’ятнык. Да зайшлі, а вон кажэ шо був нэякі да пасёк ёго, а вон кажэ застрэліты ёго було. А так жэ, дытя, я нычого нэ можу Вам сказаты, шчо ж я скажу?...

Дадатак 2. Успаміны Варвары Леванавец пра польскіх «археолагаў»

Download Varvara Levanaviec Padannie 2 for free from pleer.com

...Бабо, а Вы помніце як прыязджалі на Замкавішча археолагі за польскім часам?
Польскійі, польскійі знаю як булі.
І капалі там?
Знаю як полякі булі, як до каменя ходылі до того, да вжэ тыйі печаті нэхто посёк.
Можа яны сфатаграфавалі?
Воны каменя того фотографовалі, но клялі того, хто посёк печать.
Шчэ до іх посёк?
Шчэ до іх посэклі печать. Шчэ як батько перэбравса, ну то ж я веліка була, вжэ мнэ годов мо 9 було, як воны булі полякі. У 30-м году рускійі зайнялі, чы в 39, 40 году. А то було в 34 чы 5-ом.
У 35-ом. Я чытаў і знайшоў, што ў 35-м былі раскопкі. Воны копалі там шчось, на Замковой горэ? Ну шурфы можэ такія, ямкі?
Воны так, нэшчо воны, шо морэ було, гэтэ було морэ. Воны росчыслялі, сколько могло буты туда до воды, і сколько було того… і одын сказав, шчо обратно будэ морэ. Шчэ шчо гэта зэмля нэ будэ довго сушчэствоваты, можэ будэ осэсты і морэ можэ буты. То казалі, шо можэ буты морэ. А батько ім сказав, шо гэтэ морэ заклятэ.
А чому заклятэ?

Кагда було морэ, ехала царова жонка з сыном, і карабэль карабля йіх побів, но ее спаслі з сыном і прывезлі другім караблём на гору – на нашу. І тут вона була з сыном – на горэ. Цар думав, шо воны потонулі, а вона жіва. І цар прыехав забраты йіх з собою. За царом прыгналіса банда і вбілі цара. І это ж похоронылі того цара. А это був город, ішэ ж нэ було гэтого зэмлетрасэння, это ж зэмлетрасэнне було эты горы. Валкан був, шо горэло всэ. І этэ Городнэе всэ розвалілосо. А город згорэв. Був город. Гэтой город розвалівса. Ано осталіса горы. А цара ж похоронылі за городом – туда, була кладбішча это. То до гэтого ж каменя прыешчалі тыйі цары, чі тыі люды.
То гэто камень на магіле цара був?
Это на могілі цара. І воны этыйі уехалі. Спом’янулі, шчо оставса наследнык. Царські сын оставса. Цара вбілі, а наследнык.. вернуліса вбілі і сына ее. Як убілі этого сына і ўкінулі ў морэ. То вона одрэзала косы свое і закляла, шчоб стала зэмля, став лес, шчоб сухо стало, шчоб люды нэ ехалі, да шчоб зэмля була, да шоб хлеб рос, да лес рос. А гэто морэ заклятэ.
То воно стало болотом, гэтэ морэ?
Шчоб воно стало, стала зэмля, шчоб нэ ехав ныхто сюдою.
А як було морэ, то гэта гора була бы востров?
Это був то город, а гэто була прыстань мора.
А это був повостров такі?
Ну гэто була прыстань мора. А морэ ж було скрозь, морэ було і сюда, і скрозь, все эты болота – то було морэ. Ну гэто було прыстань. Сюда прыставалі карабле. Кажуть тые, шчо прыешчалі, то дывіліса, дэ чыя була прыстань, по горэ ходылі. І немцы булі, і англійцы булі, французы булі, ішчэ нэйкійі. Йіх було 20 чоловек. І на горэ дывіліса, дэ чыя була прыстань. А батько покопав … гору, да воны кажуть а чого это, а батько кажэ, шо ставів хату, бо нэ було зэмле .. із Лукі вон вібравса як померлі дэты, то побрав тэстёву хату, тэстёвого хлева і клеті і всэ і сам перэсэлівса, то ото у гору хату ставів, а там хлев, а ондэ на такому ..чку клеть була, насыпав насыпа.
То була та экпедыцыя, то воны знайшлі нешта, адкапалі?
Ах! Шчо нашлі? Нашлі із царского карабля зэлезо таке жовтэе, шчо вон прыбівса, там од тэйі стороны бі од Бобов, там така бі канавка е, окопана була Дэдова гора, а в этом бэрозы к горэ нашлі зелезяку
Жовту?
Жовту.
То вона можэ бронзова чы яка?
Я нэ знаю, но вона такая бі дугою крохі. О така-о, таке зялезо, но букві там нэ пісаны, а віжатыйі.
І там булі буквы?
Булі букві.
І воны забралі з собою ее?
А якжэ! Воны повезлі, то ж воны …
То можэ тэпэр у Варшаве можна знайты ее?
Ой, то .. мо дэ ув Англіі дэ, чі дэ? Бо ж вон нэдэ одтуль той цар був. Іх було 20 чоловек, а скуль воны всэ – я нэ знаю, но казалі, шчо і французы, і англійцы.
А довго воны булі тут?
20 дней!
А жылі у вас?
Жылі на горэ у своймуав.. ав.. а в іх жэ автобус. Воны в автобусу жілі. В автобусы жілі.
Воны в автобусы прыехалі, так?
Ну в автобусы. Ну такі довгі автобус, і там дэ воны спалі, дэ булі іх места, дэ воны спалі, така бі комната, автобус довгі був такі. Ой, нэ забуду. А іх було 20 чоловек.
І 20 дён воны булі, так?
20 дней булі. Всэ .. скрозь ходылі і скрозь …
І ставілі такіі палкі, мералі, так?
Мералі воны, мералі скрозь, обмералі всю гору обходьвалі, обследьвалі .. і дэ чыя прыстань була, дэ чыя, і дэ хто прыставав.
Добрэ, а вось гэта канавка, бы ручай, вона там завсёды цекла коло горы?
Окола горы гэта канава вона прэдвечная.
То гэта якбы рэчка можэ була такая?
О там е за горэю канавка, шо дэд окоппав гору і гэта, а тая канавка була тожэ вечная канавка, то ее канавы накопалі, то ешчэ вода од мора кажуть, ее ныхто нэ копав.
Ясна, а вона тэкла в болото і там знікала?
Вона в этыі болота, а там ужэ канаві покопалі, а вона в этэ болото, шото за горэю о сюда а там таке болото, там ныхто ныколі нэ перэходыв ее .. там і олешіна ростэ далей можна втопітыса.
А як называлі гэту канавку? Була яка назва в ее?
Ну яка? Ров, на рову...


2 comments:

  1. Выдатная праца. Цікавы і каштоўны матэрыял. Падзяка аўтару.

    ReplyDelete